Аршанская гарадская мастацкая галерэя В. А. Грамыкі

У 2008 годзе Орша стала цэнтрам правядзення рэспубліканскага фестывалю кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2008». Самым галоўным і яркім момантам праграмы ўрачыстасцяў і ўсяго свята стала стварэнне і адкрыццё Аршанскай Гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, жывапісца, народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Польшчы, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесара жывапісу, актыўнага ўдзельніка партызанскага руху, кавалера ордэнаў Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалёў «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені і іншых.

Асноўная мэта экспазіцыі галерэі — паказ багатай мастацкай спадчыны Аршаншчыны, асэнсаванне традыцый і заканамернасцей развіцця мастацкай культуры рэгіёна і Беларусі, майстэрства і таленту беларускіх мастакоў, які будзе спрыяць духоўнаму ўзбагачэнню грамадзян, іх далучэнню да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.

У Аршанскай Гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі працуе зала Віктара Грамыкі, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі будынка і дзейнасці Ордэна езуітаў у Оршы, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная мастацкай культуры Аршаншчыны, а таксама сістэматычна арганізуюцца зменныя мастацкія выставы. У гасцінай Мастацкай галерэі рэгулярна праводзяцца культурна-адукацыйныя музейныя мерапрыемствы.

Сучасны будынак былога калегіума езуітаў стаў не проста візітнай карткай, але і галоўным культурным цэнтрам грамадскага жыцця горада Оршы. Культурна-забаўляльныя праекты, зменныя выставы і пастаянная экспазіцыя Мастацкай галерэі, адукацыйныя мерапрыемствы дзіцячай бібліятэкі, творчая дзейнасць гарадскога дома рамёстваў дазваляюць арганізаваць вольны час насельніцтва і гасцей горада, а таксама спрыяюць узбагачэнню грамадзян, іх далучэнню да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей. Паказчыкам прывабнасці адміністрацыйна-выставачнага цэнтра для гараджан з'яўляецца пастаянны паток наведвальнікаў, а таксама той факт, што маладыя горада ў дзень нараджэння новай сям'і з радасцю наведваюць цэнтр, імкнуцца захаваць сябе ў адзін з галоўных дзён у жыцці ў інтэр'ерах старадаўняга будынка.